У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся вечар-віншаванне ветэранаў працы, галоўнымі героямі якога былі члены раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі на чале з яе кіраўніком Мікалаем Янулём. Запрошаны на свята былі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Лойка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Раманчук, старшыня раённага савета ветэранаў Сяргей Баган.
Мікалай Іванавіч Януль у сваім выступленні даў кароткі экскурс у гісторыю РА КПБ, расказаў пра ўдзел яе членаў у жыцці раёна. Звернемся і мы да гісторыі арганізацыі, што да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя была галоўнай кіруючай сілай на тэрыторыі не толькі Беларусі, але і неабдымнага СССР. Кампартыя Беларусі як частка Расійскай Кампартыі бальшавікоў была створана 30 снежня 1918 года ў Смаленску на VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП (б). У яе радах было шмат людзей, што праславілі нашу Радзіму далёка за яе межымі. На канец 80-х гадоў XX стагоддзя яна налічвала 697 тысяч чалавек.
Як вядома, 25 жніўня 1991 года праз некалькі дзён пасля путча ў Маскве, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ –КПСС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». У адказ частка камуністаў восенню 1991 года стварыла Ініцыятыўны камітэт па ўзнаўленні дзейнасці КПБ і ў снежні таго ж года ўстаноўчы сход аб’явіў аб стварэнні новай партыі пад назвай «Партыя камуністаў Беларусі» (ПКБ). У нашым раёне гэтую арганізацыю ўзначаліў С.У. Баган.
У лютым 1993 года Вярхоўны Савет адмяніў рашэнне аб прыпыненні дзейнасці КПБ, і пасля шэрагу кансультацый паміж кіраўніцтвамі ПКБ і КПБ адбылося аб’яднанне двух структур, якое заканадаўча было замацавана на з’ездзе камуністаў у маі 1993 года. А ў 1996 годзе частка членаў ПКБ стварыла новую палітычную структуру пад назвай Камуністычная партыя Беларусі. Адбыўся XXXIII аднаўленчы з’езд КПБ (2 лістапада 1996 г.), на якім КПБ аб’явіла сябе пераемніцай КПБ – КПСС.
На сённяшні дзень КПБ налічвае каля 6 тыс. членаў, мае прадстаўніцтва ў Парламенце Беларусі і мясцовых Саветах дэпутатаў. Узаемадзейнічае з многімі кампартыямі свету.
У нашым раёне ўзноўленая партыйная арганізацыя пачала дзейнічаць з 25 ліпеня 2005 года, калі прайшоў арганізацыйны сход па яе стварэнні. Тады ў яе склад увайшлі вядомыя ў раёне людзі: М.М.Кузняцоў, В.А. Васіліцкі, С.І.Тыбулевіч, Ю.В.Кулікоў, В.М.Война. Першым сакратаром раённай арганізацыі стаў Міхаіл Кузняцоў, яго намеснікам – Віктар Васіліцкі. Пачалася актыўная дзейнасць па павелічэнні радоў партыі, заваёву яе ўплыву на грамадства. І тады, і цяпер праца райкама партыі будавалася і будуецца на цеснай сувязі з Зэльвенскай раённай арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, маладзёжным аб’яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
М.І.Януля выбралі кіраўніком РА КПБ 21 верасня 2018 года. Сваё выступленне на свяце ён пачаў з таго, што лічыць яго «мерапрыемствам узнагарод». Справа ў тым, што яшчэ ў 2020-м ён разам з прадстаўнікамі раённай улады і грамадскіх аб’яднанняў падрыхтаваў спіс самых актыўных членаў партыі на ўзнагароджанне за вялікую работу па падрыхтоўцы да 75-годдзя Вялікай Перамогі і 150-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна. Спіс быў адобраны як абласным, так і Цэнтральным камітэтамі Кампартыі Беларусі. З-за пандэміі, што парушыла многія планы, закрыла граніцы паміж дзяржавамі, своечасова ўручыць узнагароды не было магчымасці. (А медалі да гэтых дат «каваліся» ў Расіі, як нашай саюзніцы па адзінай дзяржаве). На шчасце, падзякі і ўзнагароды запозненымі не бываюць. Таму ўсе ўдзельнікі свята так шчыра радаваліся за ўзнагароджаных.
Прыемную місію віншавання і ўручэння ўзнагарод здзяйснялі С.М.Лойка, Г.М.Раманчук і М.І. Януль. Памятным медалём «75 лет Победы в Великой Отечественной войне» былі ўзнагароджаны М.І.Белікаў, Т.П.Броска, А.С.Вярстак, Л.П.Ган, М.П.Дзянішчык, М.П.Заяц, І.У. Кавалевіч, І.С.Канановіч, А.К. Крукоўскі, Ф.І.Мацкевіч, А.В.Мянчэня, Г.У.Рудая, М.І.Януль. Крыху менш было тых, хто атрымаў медаль «150 лет со дня рождения В.И.Ленина» – гэта С.У.Баган, М.І.Белікаў, А.С.Вярстак, Л.П.Ган, М.П.Дзянішчык, І.У.Кавалевіч, Ф.І.Мацкевіч, В.М.Панін, М.І.Януль. Акрамя гэтага, некалькі чалавек, што не мелі знакаў адрознення, атрымалі значкі членаў КПБ.
Як сказалі ў сваіх выступленнях С.М.Лойка, М.І. Януль і С.У.Баган, – усе ўзнагароджаныя былі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, што арганізоўваліся партыйнай арганізацыяй да вялікіх і памятных дат: удзельнічалі ў «круглых сталах» для школьнікаў і моладзі, акцыях «З лампадай Вечнага агню», мітынгах-рэквіямах «Паклонімся вялікім тым гадам», ускладанні кветак да помнікаў і абеліскаў, брацкіх магіл і месцаў пахавання воінаў і г.д. С.М.Лойка вельмі ўдзячны і членам РА КПБ, і ўсім ветэранам за актыўную жыццёвую пазіцыю, за ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі. А С.У.Баган нагадаў, што 2022 год вельмі багаты на іншыя юбілеі, якія мы павінны дастойна сустрэць. Гэта і нашы, мясцовыя (напрыклад, 120-гадовы юбілей П.І.Булака), і агульныя (100-годдзе ўтварэння СССР).
Для камуністаў і ветэранаў работнікі культуры падрыхтавалі вялікі святочны канцэрт. Сваім талентам зачаравалі М.Букатая, А. Гродзь, М.Дзярэчык, Т.Праскурская, Я.Раманчык. Узнагароджаныя шчыра дзякавалі за такі цёплы святочны дзень і кіраўнікам раёна, і асабіста М.І.Янулю, і работнікам цэнтра культуры і народнай творчасці. Некаторыя дзяліліся ўспамінамі пра нялёгкія пасляваенныя часы, радаваліся, што столькі гадоў жывём пад мірным небам, заклікалі моладзь берагчы мір і спакой у нашым агульным беларускім доме.
Яніна ШМАТКО